МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.В.Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.К.Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн. мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан. к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.С.Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.М.Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед. т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.
Літ.:
Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.
А.П.Малчанаў.
т. 10, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)